ТНСВ / Месяц выпрабаванняў. Вынікі.

Вітаю ўсіх, шаноўнае спадарства :) Хачу падзяліцца з вамі цікавым досведам. Крыху больш чым месяц таму патрапіўся мне ў нэце артыкул, там дзяўчынка навыдумляла сабе справаў на кожны дзень і цэлы месяц непахісна, дзень у дзень іх выконвала. Гэта мяне натхніла, хоць большасць пунктаў і падалася мне нецікавай. У выніку я вырашыў скласці свой спіс заданняў на кожны дзень, каторыя я рабіў цягам месяца. Уласна, вось ён.
1.    Пачынаць дзень з зарадкі, малітвы і чысткі зубоў.
2.    Раз на два дні займацца са сваёй вагой.
3.    Сканчаць дзень малітвай.
4.    Практыкавацца з нажом.
5.    Чытаць артыкул на Вікі штодзень.
6.    Адкладаць 10% прыбыткаў.
7.    Выкідаць 1 непатрэбную рэч кожны дзень.
8.    Рабіць добрую справу кожны дзень, карысную для грамадства ці для сваякоў/сяброў.
9.    Кожны дзень пісаць 3-4 сказы левай рукой.
10.                      Кожны дзень маляваць.
11.                      Весці дзённік цягам месяца і адзначаць у ім, як праходзіць гэта выпрабаванне.
12.                      Спаць па 7,5 – 8 гадзін.
13.                      Піць шмат вады.
14.                      Рана класціся і рана падымацца.
15.                      Рабіць што-небудзь карыснае па дому кожны дзень.
Магчыма, некаторыя пункты выклікаюць непаразуменне, але я з задавальненнем адкажу на любыя каментары па тэме. Не заўсёды ў мяне атрымлівалася выканаць усе 15 пунктаў за дзень, па розных прычынах штосьці прыходзілася прапускаць. Але я лічу, што, з большага, з заданнямі я справіўся паспяхова і ўжо планую, якое б яшчэ выпрабаванне сабе выдумаць. Ну а пакуль падзялюся атрыманым досведам і разбяру кожны пункт больш дакладна.
1.    Пачынаць дзень з зарадкі, малітвы і чысткі зубоў. Пачынаючы гадоў з 20 я спрабую зрабіць гэта сваім ранішнім рытуалам, але атрымліваецца з пераменным поспехам. Добра размяўшыся з раніцы пачынаеш рэальна лепш сябе адчуваць, хутчэй праходзіць санлівасць, хутчэй прыходзіць бадзёрасць.   Асноўная прычына, па каторай я прапускаў гэты пункт (а я пару разоў за месяц яго прапускаў) – гэта парушэнне рэжыму і, як вынік, недахоп часу на зборы. Калі пачынаеш рана класціся і рана падымацца, пакідаючы хвілін 30 з раніцы “на сябе” – выконваць гэты пункт становіцца не цяжка. Дарэчы, вельмі раю кожнаму паспрабаваць размінацца з раніцы, хаця б у якасці эксперыменту на пару тыдняў – вы заўважыце розніцу, асабліва калі працуеце рукамі. Пра малітву пісаць не буду – гэта асабістая справа кожнага, але вернікам, не важна якіх рэлігій і канфесій, таксама раю паэксперыментаваць з гэтым.
2.    Раз на два дні займацца са сваёй вагой. Чаму менавіта са сваёй вагой? Для мяне тут ёсць 3 відавочных плюса – займацца можна дзе заўгод (дома, на дачы, на прыродзе, калі праца дазваляе, як у мяне – то і на працы ў вольную хвіліну), калі заўгод (твае заняткі залежаць толькі ад твайго жадання, а не ад графіка працы спартовай залі/трэнера) і адсутнічае патрэба ў розным дадатковым інвентары, акрамя вагі свайго цела (ну, яшчэ мо спатрэбіцца турнік, але яго знайсці не цяжка). З выкананнем гэтага пункту праблем не было, таму што я і так стараюся займацца фізкультурай пару разоў на тыдзень. За месяц прапусціў каля 3-4 трэнаванняў у тыя дні, калі дужа стамляўся на працы (праца ў мяне, усё ж, фізічная). І вось тут шмат якія недалёкія фанаты спорту пачнуць крычэць у каментарах, кшталту: “Ну і што, трэба фігачыць праз “немагу”, трэба выціскаць з сябе ўсё без астатку!” Не і яшчэ раз не! Для звычайнага чалавека, не прафесійнага спартоўца, празмерныя нагрузкі не патрэбныя. Каб проста трымаць сябе ў форме трэба не так і шмат. І дужа шкадаваць сябе, вядома, дрэнна. Але трэба знайсці “залатую сярэдзіну” паміж пякельнымі трэнаваннямі да апошняга і лёгенькім фітнесам без аніякіх высілкаў. І трымацца гэтай сярэдзіны. Паэксперыментаваць са сваёй вагой рэкамендую кожнаму!
3.    Сканчаць дзень малітвай. Тут я не стану шмат пісаць, бо вера – уласная справа кожнага і я не хачу нікога схіляць у той ці іншы бок. Ярым атэістам раю прайсці міма гэтага пункту, вернікам (любых рэлігій і канфесій) раю паспрабаваць. Хаця, па шчырасці, у мяне гэта выходзіла дрэнна. Пачынаць дзень з малітвы было проста (яна ў мяне была, нібыта, духоўная “зарадка”, таму была моцна прывязана да зарадкі звычайнай). А вось скончыць дзень малітвай перад сном я часта забываўся. Прычына таму – галава нават перад сном забітая дзённымі справамі/планамі на заўтра, ад такіх думак пазбавіцца цяжка. Трэба працаваць у галіне вызвалення свайго розуму ад лішніх думак, магчыма, у якасці наступнага эксперыменту трэба паспрабаваць медытаваць.
4.    Практыкавацца з нажом. Адчуваю, гэты пункт выклікае шмат пытанняў. І, не, я не злодзей, я жыву ў згодзе з УК РБ (ну, амаль :) і я нікога не збіраюся рэзаць. Нават у выпадку самаабароны. Нож для мяне – у першую чаргу інструмент, і толькі потым “зброя апошняга шанцу”. Для самаабароны ёсць спецыяльныя сродкі. А фехтаванне мяне цікавіць у кантэксце спартовым і гістарычным (яшчэ з тых часоў, калі я спрабаваў займацца рэканструкцыяй). З гэтым пунктам праблем не было, трэніравацца можна лёгка нават аднаму, ды і напарніка на спарынгі знайсці не цяжка. Галоўнае не забывацца на тэхніку бяспекі.
5.    Чытаць артыкул на Вікі штодзень. Адзін з самых цікавых пунктаў, каторы выконваўся без праблем і заўсёды з задавальненнем. Вікіпедыя ўжо даўно разраслася ў паўнавартасную энцыклапедыю, і, што самае галоўнае, інфармацыя ў ёй на 95 адсоткаў аб’ектыўная. А яшчэ напісаная простай мовай. Артыкулы можна знайсці на любую тэму, каго што цікавіць. Так што гэты пункт я раю ўсім – пашырайце свае прафесійныя веды, альбо проста чытайце пра тое, што вас цікавіць – веды не бываюць лішнімі :)
6.    Адкладаць 10% прыбыткаў. Таксама вельмі цікавы варыянт для эксперыменту. Увесь месяц я адкладаў грошы і напрыканцы месяца (апошнія тры дні выпрабаванняў) паехаў на гэтыя грошы да сваіх знаёмых ў археалагічную экспедыцыю. 10% з кожнага прыбытку – сума не вялікая, яна проста робіць цябе крыху больш эканомным. Але потым яе можна спусціць на што-небудзь рэальна карыснае/цікавае. Раю спрабаваць! :)
7.    Выкідаць 1 непатрэбную рэч кожны дзень. Гэты пункт я таксама выконваў з вялікім задавальненнем. Справа ў тым, што я як раз з тых людзей, каторыя любяць збіраць у доме рознае лайно, з понтам “калі-небудзь можа спатрэбіцца”. Шафы/шуфлядкі/палічкі запаўняюцца, вольнага месца ўсё менш і менш. І вось рэальна жаба цісне выкінуць. А некаторымі рэчамі пры гэтым не карыстаешся па 2-3 гады. Галоўнае пачаць, скажу я вам :) І праз пару дзён на сметнік вылятаюць розныя старыя канспекты з універа, паламаныя асадкі, каляндарыкі 10-цігадовага ўзросту і да т.п. І прам весялей робіцца. І месца вольнае з’яўляецца.
8.    Рабіць добрую справу кожны дзень, карысную для грамадства ці для сваякоў/сяброў. Я думаў, з гэтым пунктам будуць складанасці. Гэта ж трэба яшчэ ахвяру знайсці для сваіх добрых намераў :) Але апынулася ўсё вельмі проста. Я на аўтамаце дапамагаю і знаёмым, і незнаёмым, таму не было ніводнага дня, калі б я не змог пахваліцца добрым учынкам. Рабіць дабро рэальна вельмі проста. Хаця, магчыма, камусьці гэты пункт і будзе падавацца складаным. Тут справа ў “адкрытасці” кожнага чалавека, “лёгкасці на пад’ём”.
9.    Кожны дзень пісаць 3-4 сказы левай рукой. Калісьці недзе прачытаў, што ў людзей, каторыя могуць рабіць працу аднолькава і правай, і левай рукой мозг працуе лепш. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але мне гэтая ідэя спадабалася, і я пачаў рабіць розныя стандартныя справы левай рукой. Ну, прадукты там парэзаць, цвік забіць, нож навастрыць і г.д. Спачатку было вельмі нязручна, часта псіхаваў. Але потым, калі патроху нешта пачало атрымлівацца – пачаў лавіць сапраўдны кайф. Ну і прыйшла ідэя навучыцца пісаць левай рукой. Божа, як жа спачатку было крыва :) Але пад канец месяцу літары сталі заўважна раўнейшымі. Для параўнання дадам пару здымкаў.
10.                      Кожны дзень маляваць. Я не мастак. Зусім. Ніколі не ўмеў маляваць. Ды і не цікавіўся гэтым асабліва. Пару год таму сяброўка-мастачка параіла паспрабаваць. Як яна казала, гэта можа стаць добрым хобі, адпачынкам для душы. І я пачаў. Нерваў, пакуль, было значна больш, чым адпачынку. Але ёсць усё ж у гэтым занятку нешта прыцягальнае. Паспрабаваць павінны кожны. Ну і пару здымкаў сваіх старанняў прыкладаю :)
11.                      Весці дзённік цягам месяцу і адзначаць у ім, як праходзіць гэта выпрабаванне. Чамусьці вельмі цяжка мне даваўся гэты пункт. Асабіста я так і не адчуў задавальнення ад вядзення дзённіка. Зручны мне фармат – гэта нататнік, дзе запісы робяцца па патрэбе, а не рэгулярная разгорнутая пісаніна ў дзённіку. Але я справіўся, да таго ж, маляваў і пісаў левай рукой я ў гэтым жа дзённіку. Справіўся, і канчаткова зразумеў, што гэта не маё. Хаця, магчыма, я яшчэ проста да дзённіка “не дарос”.
12.                      Спаць па 7,5 – 8 гадзін. Вось з чым складанасцяў не было. Звычка гэтая выпрацавалася ў мяне даўно, яшчэ ў часы актыўных заняткаў спортам. Усім, хто позна кладзецца і мала спіць, я раю ахвяраваць усімі сваімі справамі і хаця б тыдзень нармалёва высыпацца. Прадуктыўнасць падымецца, я вам гарантую. Асабліва гэта пачынае адчувацца бліжэй да 30 год :) Як быць, калі кладзешся рана, але спаць не хочацца? Мне заўсёды дапамагала трэнаванне за пару гадзінак перад сном і дзясятак старонак якой-небудзь “лёгкай” кнігі.
13.                      Піць шмат вады. Гады тры таму ў розных рускамоўных “калямедыцынскіх” і спартовых выданнях пачалі актыўна падымаць гэтую тэму. Нормы на дзень для чалавека паўсюль даюцца розныя, некаторыя з прыведзеных фактаў выглядаюць вельмі спрэчна. Але з чым я дакладна згодны, дык гэта з тым, што замяняць стандартныя для нас напоі (каву, чай, розныя газіроўкі) на ваду (хаця б часткова) – гэта карысна. Вы і самі адчуеце гэта, варта толькі паспрабаваць. Калісьці я рабіў такі эксперымент – 21 піў толькі ваду і малако. Я не маю адпаведнай адукацыі, каб апісаць змены ў арганізме з пункта гледжання медыцыны, але я стаў адчуваць сябе лепш і трэнаванні ў мяне пачалі праходзіць прасцей. Спрабуйце самі – шкоды ад вады дакладна не будзе :) Толькі кіпяціце.
14.                      Гэты пункт можна было б прывязаць да пункта 12. Па азначаных там прычынах для мяне гэта было проста. Клаўся я, за выключэннем пары “выязных” дзён, калі не ночыў дома, недзе каля 22.30 – 23.00. Зрэдку пазней, але да 00.00 ужо стабільна спаў. Мо для кагосьці гэта і пазнавата, але ўлічваючы, што падымаўся я за тымі часамі ў 8.00 – мне стабільна хапала часу, каб выспацца.
15.                      Рабіць што-небудзь карыснае па дому кожны дзень. Усё было добра, але потым банальна скончыліся справы :) Усё паламанае было альбо адрэмантавана, альбо згодна з пунктам 7 пераехала на сметнік, некалькі разоў была праведзена ўборка… А потым я проста не ведаў, што яшчэ зрабіць. Грошаў, каб пачынаць які рамонт, не было, чыніць больш не было чаго. Вось і застапарыўся гэты пункт. Хаця я зрабіў некалькі карысных спраў па дому для свайго напарніка.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што мой месяц выпрабаванняў прайшоў паспяхова. Мне часта бывае лянотна чым-небудзь займацца, але калі ёсць такі вось спіс абавязковых спраў на дзень і калі ты сам сабе абяцаеш не адлыніваць – знаходзяцца новыя сілы для працы. Вельмі цікавымі для мяне былі пункты 4, 5, 7, 9, 10, іх я планую рабіць і далей (абавязкова перанясу іх у свой наступны “месяц выпрабаванняў”), пункт 2 дапамог вярнуцца да рэгулярных заняткаў фізкультурай. Так што цяпер я ўжо думаю пра новы эксперымент :) Як складу план – адпішу. Усім дзякуй за ўвагу і ўдачы тым, каго мой аповед падштурхнуў да ўласнага эксперыменту. А вось некалькі прыкладаў маіх малюнкаў і пісаніны левай рукой з дзённіку :)


  

 
  • poker-face, 20.09.2017 21:37 #

    Я ни в жизнь ничо не нарисую левой рукой))) и не напишу, и вы правы, испугал пункт про нож) сразу экстремизм представился)
    ответить на комментарий
  • Polacki-xlopec, 20.09.2017 21:49 #

    Никогда не говори никогда :) Лучше попробовать, это действительно забавно. А про нож и фехтование - да, у многих такая реакция. Просто этот вид спорта у нас не развит ещё, мало кто про него слышал, вот и вызывает ассоциации с экстремистами или "сидельцами" :)
    ответить на комментарий
    • elina, 21.09.2017 11:06 #

      Фехтование развито давно. Моему мужу 60, и он мастер спорта по фехтованию еще с молодых времен. Представляете, сколь давно было развито фехтование?
      ответить на комментарий
      • Polacki-xlopec, 21.09.2017 18:55 #

        Здесь разговор идёт конкретно про ножевой бой, фехтование именно на коротких клинках. Фехтование на рапирах, саблях и шпагах - да, достаточно распространено, как и фехтование на мечах, фехтование на различном традиционном оружии (особенно в восточных единоборствах) и т.п. Тут вопросов нет. А вот с ножами всё сложнее. 
        ответить на комментарий
  • MayaMironova, 21.09.2017 09:38 #
    +1
    1
    Хороший список и дело хорошее. Приятно такие эксперименты ставить в осенне-зимний период - созидательное время. Про письмо левой рукой тоже поддерживаю, буквально недавно сама этим маялась - хорошая зарядка для мозга. Для рисования можно купить себе картину по номерам. И хоть это читерство, но все равно приятно красками помазюкаться, а если она еще и в картину осмысленную превращаются, то здорово
    ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 21.09.2017 11:32 #

    Зачыталася!!!!!! Рэальна цікава і крута... Дзякуй, што падзяліліся!!! Задумалася... Магчыма, паспрабую таксама... Рэальна трэба ўпарадкаваць жыццё, а то штосьці апошнім часам... на аўтапілоце...
    ответить на комментарий
    • Polacki-xlopec, 21.09.2017 18:57 #

      Вельмі рады, што натхніў кагосці сваім эксперыментам :) Спрабуйце, перамагайце і дзяліцеся вынікамі :) Жыццё - яно не такое ўжо і даўгое, каб жыць на аўтапілоце. 
      ответить на комментарий
      • sonejka-ja, 21.09.2017 19:08 #

           Дакладна!!!!!
        ответить на комментарий
  • Zveroboy, 21.09.2017 18:35 #

    З вадой абы што. Хочаш пі, а не хочаш - не пі. 
    ответить на комментарий
    • Polacki-xlopec, 21.09.2017 19:03 #
      +1
      1
      Не пагаджуся. Па-першае, калі займаешся "фізухай", як у маім выпадку - шмат піць проста неабходна. Думаю, ня трэба тлумачыць, чаму. Па-другое - усе ведаюць, што піць шмат кавы, шмат газіроўкі - шкодна. Таму для мяне, як для аматара розных салодкіх газіраваных напояў і кавы, былы карысна часткова замяняць іх на ваду. 
      ответить на комментарий
      • sonejka-ja, 21.09.2017 19:12 #
        +1
        1
        Прыкольна... Бо я літаральна некалькі дзён таму раптоўна вырашыла скараціць колькасць кавы, замяніўшы яе на ваду! А звычкі даааааўнія... Думкі сыходзяцца! 
        ответить на комментарий
  • Polacki-xlopec, 21.09.2017 19:03 Комментарий удален автором блога.
  • Zveroboy, 21.09.2017 20:58 #

    А чаму практыкаванні з нажом? Сярэдневечча падобна, даўно мінула. Хаця мая краіна ў лапах нейкіх першабытнікаў Інакш паліў бы кожны дзень, як гэтае амерскае дзіцятка. Гэта мае права грамадзяніна, я люблю зброю і хачу быць яе уладальнікам.   
    ответить на комментарий
    • Polacki-xlopec, 21.09.2017 21:15 #
      +1
      1
      З часоў сярэднявечча шмат што засталося нязменным. Мне падаецца, я досыць разгорнута адказаў пра гэта ў пункце 4. Практыкуюся з нажом - таму што цікава. Планую яшчэ і з кароткай палкай пачаць. Раней я займаўся вайсковым рукапашным боем, потым змяшанымі адзінаборствамі,  зараз зацікавіла фехтаванне на нажах. Чым зацікавіла? 1 - гэта выдатны актыўны адпачынак. 2 - трэнаванне рэакцыі, каардынацыі, вынослівасці. 3 - я цікаўлюся страйкболам, пасля гульняў у нас часта праводзяцца спаборніцтвы па страйкбольнаму нажавому бою - вырашыў падцягнуць узровень. 4 - як я ўжо і пісаў, для самаабароны ёсць спецыяльныя сродкі, але спарынгуючы супраць узброенага нажом суперніка ты адначасова вучышся і абараняцца ад нажа. Гэта першае, што прыйшло ў галаву. Напісаць можна значна больш. Вы паспрабуйце як-небудзь - мо вам таксама гэта спадабаецца.  А дзяўчынка малайчына, адназначна :)
      ответить на комментарий
  • Joy, 22.09.2017 19:40 #
    +1
    1
    Зачыталася мовай i зацiкавiлася наогул. Малайчынка Вы.
    ответить на комментарий
    • Polacki-xlopec, 23.09.2017 08:15 #

      Дзякуй вялікі :) Рады, што вам спадабалася :)
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
Polacki-xlopec
14 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}